Рус Бел

Захаваем бяспеку разам

Што дазваляе чалавеку адчуваць сябе ў бяспецы? Па-першае, беражлівыя адносіны да ўласнага жыцця і здароўя. Па-другое, веды, засвоеныя правілы паводзін у экстрэмальных сітуацыях ці пры надзвычайных здарэннях.

У межах Адзінага дня бяспекі, які праходзіць у нашай краіне з 20 лютага і скончыцца ў першы вясновы дзень, сталічная школа № 21 вітала гасцей: старшыню Цэнтральнай раённай арганізацыі ТРВОД А.Ф. Жалабковіч, старшыню раённай “Белай Русі” Н.У. Воранаву і другога сакратара БРСМ Цэнтральнага раёна г. Мінска Максіма Ярцова. Навучальнае падарожжа “Мы ў бяспецы!” захапіла вучняў 5-7 класаў і іх класных кіраўнікоў актуальнасцю, маштабам і нетрадыцыйным фарматам правядзення. На станцыях “Бяспека на вадзе ў зімовы перыяд”, “Пажарная бяспека”, “Белая Русь” за бяспеку дзяцей на дарогах”, якія ўзначальвалі запрошаныя спецыялісты, удзельнікам прапаноўваліся розныя заданні: міні-віктарына, мадэляванне сітуацый, рэбусы.

Прыемна, што госці былі ўражаны высокім узроўнем падрыхтаванасці вучняў, іх актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, паколькі ніхто з вучняў не застаўся абыякавым да тых сітуацый, дзе чалавек трапіў у бяду. Усе класы атрымалі падзякі за актыўны удзел у падарожжы і добрыя веды па асновах бяспечнай жыццядзейнасці.

Такія мерапрыемствы даволі пазнавальныя і цікавыя для вучняў, паколькі не класны кіраўнік расказвае пра правілы бяспекі, а самі дзеці актыўна ўключаюцца ў працэс з дапамогай прадстаўнікоў зацікаўленых арганізацый. Праз гульню, творчасць засвойваюцца асноўныя алгарытмы дзеянняў у непрадказальных сітуацыях, – адзначае класны кіраўнік 5 “А” класа А.Т. Юруш.

Вучні падзяліліся з гасцямі ўражаннямі ад наведвання адукацыйнага цэнтра бяспекі МНС, які пачаў работу ў студзені гэтага года. Шасцікласнікам прыйшліся даспадобы інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі (а іх у цэнтры больш за 30!): грамадзянская абарона, транспартная, крымінальная, прамысловая, экалагічная бяспека і інш. У хуткай паўсядзённасці мегаполіса такія веды асабліва карысныя і запатрабаваныя.

Міжведамаснае супрацоўніцтва – эфектыўная платформа для правядзення прафілактычнай і прапагандысцкай работы па розных накірунках. Настаўнікі, законныя прадстаўнікі непаўналетніх выхоўваюць у вучнях адказнае стаўленне да здароўя, ведання і прымянення правіл бяспечных паводзін. Спецыялісты паказваюць прыклады, гавораць пра статыстыку, бачаць надзвычайныя сітуацыі знутры і ведаюць, як іх прадухіліць. Толькі разам мы захаваем бяспеку нашых дзяцей, а, іншы раз, нагадаем дарослым, каб былі больш пільнымі і ўважлівымі да уласных паводзін.

Галіна Мікалаеўна Гузоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска”

щ

щ

щ

щ

щ